26 красавiка 2024, Пятніца, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Беларусам цяпер выгадней забраць даляры з банкаў

39
Леанід Заіка: Беларусам цяпер выгадней забраць даляры з банкаў
КРЫНІЦА: ALTFAST.RU

Унутраныя ашчаджэнні грамадзянаў могуць абнуліцца.

На мінулым тыдні расейскія банкіры звярнуліся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з канкрэтным планам дэдалярызацыі эканомікі. Расейскі ВТБ банк падрыхтаваў шэраг прапановаў, якія знізяць дзель амерыканскай валюты ў гандлі і міжнародных разліках. «Адрыў ад даляра неабходны і прывядзе да павышэння эканамічнага суверэнітэту Расеі», – заявіў у гэтай сувязі расейскі кіраўнік.

Як палітыка дэдалярызацыі міжнародных разлікаў у РФ адаб'ецца на Беларусі і яе грамадзянах, беручы пад увагу празмерны «ўдзел» нашай краіны ў эканамічных сувязях з усходнім суседам?

На пытанні Charter97.org адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:

– У іх у Расеі нейкая жудасць адбываецца. Падумаць толькі: банкіры звярнуліся да Пуціна, каб адмовіцца ад даляра! Я вось што скажу: сярод тых, хто звярнуўся, няма сапраўдных банкіраў, ёсць 20–30 дурняў, якія будуць размаўляць ад імя ўсёй краіны. Строга кажучы, яны і не з'яўляюцца банкірамі: нават сюды, у Менск, у філіялы расейскіх банкаў яны дасылаюць людзей з дыпломамі філолагаў МДУ, з дыпломамі электрыкаў – і гэтак далей.

Вялікіх ідыётаў я ніколі не сустракаў. ВУП Расеі – усяго 1,5% ад сусветнага ўзроўню. А даляр з'яўляецца міжнароднай рэзервовай валютай.

Быў такі Віктар Міхайлавіч Герашчанка, кіраўнік Цэнтрабанка Расеі. Калі на адной з сустрэчаў з беларускімі калегамі хтосьці з гэтых псеўдабанкіраў прапанаваў адмовіцца ад даляра, Герашчанка адрэагаваў адным словам: «Ідыёты!». За гэта я яго і паважаю.

Расейскім банкірам трэба зрабіць дзве рэчы: прыбраць у сваіх грошах два нулі і ўвесці «залаты стандарт». Кропка. Больш нічога рабіць не трэба, а лепш пасля гэтага яшчэ і распусціць усіх банкіраў. Перафразуючы вядомы выраз, скажу так: найлепшы расейскі банкір павінен сядзець у турме.

А калі яны яшчэ і прапануюць пазбавіцца ад даляра – то ім спачатку трэба праслухаць курс лекцый «з нуля».

– Якая верагоднасць, што ў Крамлі ўсё ж будзе прынятая палітычная пастанова дэдалярызацыі эканомікі?

– Гэты працэс ужо ідзе. Я нядаўна вярнуўся з Расеі. Там ужо ўведзены выразны кантроль: калі вы памяняеце больш, чым чатырыста даляраў, вас адразу бяруць пад увагу. Фіксуюць вашы пашпартныя звесткі і ўносяць у спецыяльную базу дадзеных. 200–300 даляраў – яшчэ нічога. Але пачынаючы з 400, вы аўтаматычна трапляеце ў поле зроку. Расея выганяе даляр.

Паказальна тое, што Беларусь следам за Расеяй пачала рабіць тое самае. Лукашэнка таксама «выводзіць» даляр з краіны.

Блізу трох месяцаў таму Беларусь рэзка знізіла стаўку дэпазітаў у валюце. Цяпер валютны дэпазіт – блізу 1–1,5%.

Уявім сабе сітуацыю: Лукашэнка зэканоміў палову свайго заробку і нясе пакласці ў беларускі банк на дэпазіт. Ягоныя грошы будуць прыносіць яму ўсяго толькі 1,5%. Але ўявім, што на ягоным месцы будзе іншаземец, а Беларусь толькі і робіць, што бярэ крэдыты ад замежнікаў, – умоўны Коля Ракфелер. І калі гэты Коля Ракфелер пачне набываць беларускія бонды, то яму дадуць 6%. І вось я хачу спытаць: «Таварыш Лукашэнка, якіх ідыётаў вы навучылі так рабіць? Калі вашаму сыну прыбытак будзе 1,5%, а сыну Ракфелера – 6%, то дзе тут логіка?»

Разумею, што я намаляваў вельмі ўмоўную карціну, таму што апеляваць да парушэння інтарэсаў простага беларуса, напэўна, яшчэ больш бессэнсоўна. Але строга кажучы – гэтай сітуацыяй мусіць зацікавіцца кіраўнік КДБ Вакульчык. Бо гэта здрада нацыянальным інтарэсам.

Хлопцы, пра што вы думалі, калі рэзка знізілі стаўку валютных укладаў? Валюта з краіны будзе сыходзіць паскоранымі тэмпамі. Яны спадзяваліся, што людзі пачнуць пераводзіць валюту ў рублі, але, на жаль, не выйшла.

У нас – мала адкрытая эканоміка. Яна павінна быць валютнай. Замест гэтага пайшоў працэс дэдалярызацыі. Знайшліся верныя вучні Набібулінай – і дзейнічаюць паводле рэцэптаў з Расеі.

– Якімі будуць найбліжэйшыя наступствы? Як гэта можа адбіцца на курсе беларускага рубля?

– Самае галоўнае наступства, якое ўжо ёсць – гэта парушэнне балансу паміж прыбытковасцю розных грашовых адзінак. Прыбытковасць еўра, даляра і рубля ўжо адрозніваюцца. Будзе змяняцца структура грашовага партфеля.

Другі момант: валюта будзе не назапашвацца тут, а пачне сыходзіць у іншыя краіны і там назапашвацца.

Напрыклад, беларусам ужо цяпер больш выгодна забраць даляры з банка і набыць за $15 тысячаў кватэру на Балтыцы. У Менску гэта нерэальна, а там – гэта інвестыцыя ў жыллё з відам на мора. Наступствы будуць такімі, што Беларусь ператворыцца ў краіну бабуляў на лавачках, якія чакаюць ад дзяржавы пенсій, а ўнутраных ашчаджэнняў у беларусаў практычна не будзе. Унутраныя ашчаджэнні «абнуляцца». Рэальныя грошы будуць масава «сплываць» з краіны. Гэта ўжо адбываецца.

– Як гэта ўсё адаб'ецца на пакупніцкай здольнасці грамадзянаў? Напрыклад, праз два гады пасля «дэнамінацыі» рэальныя кошты значна выраслі. Што будзе пасля іншага «дэ» – «дэдалярызацыі»?

– Не думаю, што «дэнамінацыя» сама сабой прывяла да росту коштаў. Гэта, на маю думку, чыста суб'ектыўныя меркаванні, звязаныя з высокімі інфляцыйнымі чаканнямі насельніцтва.

Сама ж «дэнамінацыя», я мяркую, была патрэбным працэсам. Нацбанк нарэшце пачаў праводзіць больш узважаную і жорсткую манетарную палітыку.

«Дэнамінацыя» прывяла да супастаўнага ўзроўню коштаў...

– Але ці стаў супастаўным з коштамі ўзровень заробкаў у Беларусі?

– Гэта зусім іншая задача, якую павінен развязваць не Нацбанк і банкіры. Вось што ў Беларусі з'яўляецца найвышэйшай праявай ідыятызму? Калі Нацбанк пачынае клапаціцца пра рэнтабельнасць прадпрыемстваў. Калі грашовыя ўлады пачынаюць думаць пра занятасць. Не, хлопцы.

Нацыянальны банк – ён толькі выпускае «патроны» і «снарады». А колькі патронаў і снарадаў трапіць, кажучы мовай царскага паручніка, на адно «салдацкае рыла» – гэта ўжо клопат карпаратыўнага сектару, дырэктарату і ўрада.

Беларуская памылка – тыпова савецкая. Яна нават не марксаўская, яна хутчэй брэжнеўская і хрушчоўская. Хрушчоў быў неадукаваны зусім, ды і Брэжнеў у эканоміцы нічога не разумеў. Не трэба ніколі наважваць Нацбанку адказнасць за прыбыткі. «Патроны» ён вам выдаў, а далей – страляйце і зарабляйце гэтыя грошы самі.

Тое, што я скажу, прагучыць для Беларусі як заклік да рэвалюцыі, але за прыбыткі ў краіне адказвае бізнэс-клас, клас капіталістаў. Працадаўцы, уласнікі капіталу.

– А ці можа клас капіталу несці адказнасць за прыбыткі працаўнікоў, калі ў Беларусі працуе прынцып «было ваша – стала наша»? Успомнім, напрыклад, нядаўнюю нацыяналізацыю Аршанскага авіярамонтнага завода...

– Зразумела, што ў нармальнай дзяржаве ўрад павінен дзейнічаць у інтарэсах уласніка. А ў нас урад сядзіць і жуе жуйку, таму што Лукашэнка «тармазнуў» прыватызацыю. Таму маем тое, што маем.

Але ў гэтым выпадку я кажу пра сапраўдны бізнэс. Выпадак з «Матор Січ» – гэта з зусім іншай оперы. Тут першапачаткова дзейнічалі схемы, што не маюць нічога агульнага з бізнэсам. Навошта дэпутат украінскай Рады, які невядома як стаў мільянерам, пайшоў са сваімі 15 мільёнамі ў Беларусь? Ды таму што ён надумаў, што маючы сувязі з Пефціевым, атрымае выйсце на Лукашэнку і будзе развязваць любыя пытанні.

Ён думаў, што атрымае ў Беларусі прадпрыемства абароннага комплексу, якое вырабляе шрубалёты, а расейцы будуць сядзець і глядзець на гэта скрозь пальцы. І гэта бізнэс? Я гэта бізнэсам не назаву. Гэтая класічная схема, калі нехта думае, што можна разбагацець, частуючы салам і гарэлкай сяброў Лукашэнкі.

Трэба было думаць пра тое, што ў адзін дзень пытанне будзе развязанае палітычна. Што людзі з расейскай ФСБ не будуць піць гарбату ў баку і ўсміхацца. Аршанскі завод – ваеннае прадпрыемства. Можна падумаць, што Украіна і Расея цяпер праводзяць супольныя конкурсы прыгажосці, а Крэмль не аддае распараджэнняў Лукашэнкі... Гэта ніякі не бізнэс – гэта ваенна-палітычная пастанова.

Я мяркую, што бізнэс павінен быць раз і назаўсёды аддзелены ад палітыкі. І тады ўсё стане на свае месцы, і пытанне заробкаў у тым ліку. У бізнэс недапушчальна прыходзіць у любых пагонах – у тым ліку і пагонах дэпутата. Любы, у каго з-пад касцюма выбіваюцца лампасы або дэпутацкія «кардонкі», – гэта звычайны карупцыянер, а не бізнэсмэн.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках