27 красавiка 2024, Субота, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Нападнікаў на «Крокус» у Беларусь, магчыма, вяла ФСБ

Наталля Радзіна: Нападнікаў на «Крокус» у Беларусь, магчыма, вяла ФСБ
Наталля Радзіна

Лукашэнку проста не паведамілі дэталі спецаперацыі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў інтэрв'ю ўкраінскаму Radio NV расказала сваю версію падзей пасля нападу тэрарыстаў на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі і заклікала з сур'ёзнасцю ставіцца да слоў Лукашэнкі аб магчымых атаках на краіны Балтыі і Польшчы.

Наталля Радзіна мяркуе, што за атакай на «Крокус» стаяць спецслужбы РФ:

- Лукашэнка, на першы погляд, супярэчыць асноўнай лініі Пуціна наконт тэракту ў Падмаскоўі. Маўляў, ехалі тэрарысты спачатку ў бок беларускай мяжы. Як я бачу, супярэчнасцяў напраўду няма.

Усё даволі лагічна. Таму што сёння становіцца відавочна, што тэракт у Маскве гэта, увогуле, спецаперацыя расейскіх спецслужбаў. На гэта паказвае вельмі шмат. І тое, што тэрарысты бесперашкодна прайшлі ў будынак канцэртнай залы, расстрэльвалі людзей. Ні ахова, ні міліцыя, ні іншыя сілавыя падраздзяленні не праводзілі ім якога-небудзь супраціву. Іх не затрымлівалі. Ім далі магчымасць спакойна пайсці, даехаць да Бранскай вобласці. За неймаверна кароткі час. Не была нават задзейнічана спецаперацыя «Перахоп», якая, вядома ж, павінна была быць. Іх лёгка маглі спыніць. Тым не менш, не спынілі. Таму відавочна, што гэта спецаперацыя расейскіх спецслужбаў. Для таго, каб Пуцін меў падставы абвясціць новую мабілізацыю, абвінаваціць ва ўсім Украіну.

Якім чынам тэрарысты былі на расейска-беларускай мяжы? Са слоў галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org, у гэтым таксама ёсць логіка:

- Тэрарыстам, якіх вяло ФСБ, відавочна было сказана, што яны могуць сысці з тэрыторыі Расеі ў Беларусь. А адтуль ужо магчыма пад выглядам мігрантаў быць перапраўленымі на Захад. Таму што мы тут, у Польшчы, практычна штодзень чытаем навіны, што атакі з Беларусі польскай мяжы мігрантамі працягваюцца. Таму яны ехалі ў Беларусь. «Акно» для іх было падрыхтаванае ў Беларусі. Ва ўсякім разе, гэтым тэрарыстам так сказалі. А пасля ўжо планы, натуральна, былі іншыя. У Бранскай вобласці ім паведамілі, што акно закрытае.

Наталля Радзіна выказала меркаванне, што Лукашэнка не ведаў дэталяў спецаперацыі:

- Яму сказалі ўзмацніць мяжу. І яны рушылі ў бок Украіны, дзе былі злоўлены расейскімі спецслужбамі. Вось і ўсё. Думаю, што гэтаму дурню, вядома, не расказвалі ўсе дэталі спецаперацыі. Яму было сказана закрыць мяжу, не прапусціць іх на тэрыторыю Беларусі.

Натуральна, Лукашэнку трэба было аб гэтым абвясціць. Бо без яго нешта гучнае адбывалася. Ён жа галоўны супольнік Пуціна. Таму ён, натуральна, пачаў выступаць. Успомніце, калі быў паход Прыгожына на Маскву. Хто ў нас першы быў спікер у пачатку? Гэта Лукашэнка, які «ратаваў Расею». Потым выявілася, што перамовы з Прыгожыным вялі зусім іншыя людзі. Але Лукашэнку трэба было на гэтым прапіярыцца. Адпаведна, ён тут таксама піярыўся.

Ёсць канкрэтны тэракт у Расеі. Ёсць спецаперацыя расейскіх спецслужбаў супраць Украіны. Лукашэнка, на мой погляд, выпадковы персанаж, які прагаварыўся, сказаў тое, што не трэба было казаць. Але не больш за тое. Не думаю, што ён тут іграе нейкую вялікую ролю.

Наталля Радзіна мяркуе, што Лукашэнка вельмі небяспечны ў кантэксце вайны супраць Украіны:

- Тэрыторыя Беларусі сёння, фактычна, плацдарм для расейскіх войскаў для нападу на Украіну ці на краіны Балтыі. Гэта Лукашэнка зараз дэманстраваў, прыязджаючы ў вайсковыя часці на мяжы з Літвой. Я б не глядзела на гэта, як цырк. Вось вы дарма думаеце, што калі злачынцы пагражаюць, яны не зробяць злачынства. Яны чыняць злачынствы, так, спачатку гучаць пагрозы, потым гэта ажыццяўляецца. І тое, што Лукашэнка рабіў на мяжы з Літвой, гэта дэманстрацыя супольных пуцінска-лукашэнкаўскіх намераў што да краін Балтыі.

Беларуская журналістка заклікае звярнуць увагу на заявы кіраўніцтва NАТО, што магчымая вайна Расеі супраць краін Паўночнаатлантычнага Альянсу пачнецца якраз з захопу Сувалцкага калідора:

- Пагрозы Лукашэнку цалкам рэальныя, і на іх проста трэба адэкватна ўжо рэагаваць. Не проста смяяцца - вось прыехаў вар'ят-дыктатар з сабачкам. Ён такім жа вар'ятам быў і ў 2022 годзе. І 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі быў учынены напад на Украіну. І ажыццяўляўся прарыў да Кіева. І колькі было ўчынена злачынстваў. І колькі людзей загінула ў Бучы, у Ірпені, у Барадзянцы. Таму тут я не недаацэньвала б Лукашэнку. Тут ужо трэба казаць сур'ёзна аб тым, што гэта вельмі вялікая пагроза. Рэальная пагроза, якая зыходзіць сёння і ад гэтага рэжыму, які, на жаль, дагэтуль яшчэ кіруе Беларуссю.

Наталля Радзіна ўпэўнена, што ў Беларусі супраць Лукашэнкі - абсалютная большасць:

- Іншая рэч, што беларусы не могуць выказацца супраць яго. У краіне ўсталяваны настолькі жорсткі «паўночнакарэйскі» рэжым, што ты не можаш ніяк выказаць сваю нязгоду. Дакладна магу сказаць, што 80% беларусаў - супраць Лукашэнкі. Што да яго прыхільнікаў, напэўна, ёсць пэўны адсотак ідыётаў.

Калі браць чыноўнікаў, большая частка з іх, асабліва сярэдняга і ніжэйшага звяна, не падтрымлівае гэты рэжым. Калі мы бяром кіраўніцтва, то, канешне ж, нейкая лаяльнасць прысутнічае. На кожнага з іх ёсць кампрамат, яны ўсе запэцканыя, таму падтрымліваюць Лукашэнку.

Але большасць беларусаў - супраць. У пэўны момант, калі будзе магчымасць, гэтыя людзі сябе пакажуць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках