27 красавiка 2024, Субота, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Туск: Еўропа перайшла ў перадваенную эпоху

4
Дональд Туск: Еўропа перайшла ў перадваенную эпоху

Такога не было з 1945 году.

Палітыкі і экспэрты ва ўсёй Еўропе сцвярджаюць, што Расея можа атакаваць краіны NATO на працягу некалькіх гадоў. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што надышоў перадваенны час.

“Цяпер найбольш трывожыць тое, што магчымы даслоўна кожны сцэнар. Мы не перажывалі такой сітуацыі з 1945 году. Я ведаю, што гэта гучыць шакавальна, асабліва для людзей маладога пакалення, але мы павінны маральна звыкаць да новай эпохі. Мы ў даваенным часе. Я не перабольшваю. З кожным днём гэта ўсё больш відавочна”, - распавёў ён у інтэрв'ю El pais.

Палітык дадаў, што калі Расея атакуе гарады на захадзе Украіны на польскім адцінку мяжы таксама чутныя гукі выбухаў. Туск адзначыў, што ў яго была ў Еўрапейскай радзе цікавая дыскусія з прэзідэнтам Гішпаніі Педра Санчэсам. Той прасіў перастаць выкарыстоўваць слова "вайна" ў заявах што да Украіны.

“Ён сцвярджаў, што людзі не жадаюць адчуваць пагрозу такім чынам, што ў Гішпаніі гучыць абстрактна. Я адказаў, што ў маёй частцы Еўропы вайна больш не з'яўляецца абстракцыяй і што наш абавязак - не спрачацца, а дзейнічаць і рыхтавацца да абароны”, - падкрэсліў прэм'ер Польшчы.

На ягоную думку, зараз галоўнай задачай для Еўропы з'яўляецца абарона Украіны і захаванне яе як незалежнай і цэласнай дзяржавы.

“Ад нас залежыць пазбяганне песімістычных сцэнароў. Іх сітуацыя сёння значна цяжэйшая, чым год таму, але і нашмат лепшая, чым у пачатку вайны, калі салдаты Пуціна былі на подступах да Кіева. Магчыма, пра вайну ва Украіне варта думаць у доўгатэрміновай перспектыве. Гэта азначае, што еўрапейскія краіны будуць мець усё больш новых абавязкаў”, - сказаў Туск.

Ён таксама заклікае еўрапейцаў больш выдаткоўваць на абарону. Нагадаў аб неабходнасці накіроўваць мінімум 2% ВУП на абарону, згодна з фундаментальнымі прынцыпамі NATO.

“Мы павінны выдаткаваць усё, што можам, каб закупіць тэхніку і амуніцыю для Украіны, таму што мы жывём у самы крытычны момант пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Усё вызначаць наступныя два гады. Калі мы не зможам падтрымаць Украіну дастатковай колькасцю тэхнікі і боепрыпасаў, калі Украіна саступіць, ніхто ў Еўропе не зможа адчуваць сябе ў бяспецы”, - рэзюмаваў ён.

імавернасць вайны РФ і NATO

Нагадаем, раней нямецкае выданне Bild апублікавала сцэнар вайсковых вучэнняў Нямеччыны, падчас якіх нямецкія ўзброеныя сілы рыхтуюцца да гібрыднай атакі Расеі на ўсходнім флангу NATO.

У Міністэрстве абароны Літвы пракаментавалі сітуацыю. Там заявілі, што пакуль няма пагрозы нападу Расеі на NATO, таму што Масква засяродзілася на вайне супраць Украіны.

Новы прэзідэнт Фінляндыі нядаўна заявіў, што лічыць малаверагодным напад РФ на яго краіну, якая цяпер з'яўляецца чальцом NATO.

Аднак выведка Эстоніі прытрымліваецца іншага меркавання. Там мяркуюць, што Расея ўжо рыхтуецца да вайны з NATO, гэта можа адбыцца цягам 10 гадоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках