27 красавiка 2024, Субота, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўсё часцей адступае

8
Лукашэнка ўсё часцей адступае

Дыктатара адольвае страх.

Смелы ў выказваннях перад унутрыбеларускай аўдыторыяй, дыктатар напраўду вельмі баіцца рэзкай рэакцыі суседзяў.

Аляксандр Лукашэнка любіць звяртацца да ваяўнічай рыторыкі, каб запалохаць усіх навокал: грамадства, дэмакратычныя сілы, падначаленых, а таксама суседнія краіны, якія ўваходзяць у ЕЗ і супрацьдзейнічаюць дыктатару.

Аднак у апошнія гады разам з павышэннем градуса пагроз дыктатар Беларусі ўсё часцей адступае, асцерагаючыся рэзкай рэакцыі суседзяў.

А баяцца ёсць чаго: маштабныя эканамічныя санкцыі і закрыццё шэрагу памежных пераходаў з Польшчай і Літвой паказалі, што дзяржавы, якія мяжуюць з Беларуссю, гатовыя на моцныя адказы дыктатару.

UDF пералічвае некалькі прыкладаў апошняга часу, калі Лукашэнка вымушаны быў адступаць.

Пра “экскурсію” вагнераўцаў у Польшчу

Пасля таго, як байцы ПВК “Вагнер” пасля няўдалага бунту апынуліся на тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць гэты факт, каб псіхалагічна ціснуць на суседнія дзяржавы.

Летась падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным дыктатар Беларусі заявіў: “Нас сталі напружваць вагнераўцы. “Хочацца на Захад. Дазвольце нам”. Кажу вам навошта на Захад? "Ну, схадзіць на экскурсію ў Варшаву, у Жэшуў".

Нагадаем, што ў Жэшуве размешчаны аэрадром, на які пастаўляецца вайсковая тэхніка і ўзбраенне, якія пастаўляюцца Украіне краінамі Захаду. Але ўжо праз тыдзень Лукашэнка адмовіўся ад сваіх слоў.

“Раптам, чую нядаўна, ашалела Польшча, што нібыта сюды ідзе нейкі атрад, ажно 100 чалавек. Ніякіх атрадаў ПВК “Вагнер” на 100 чалавек сюды (да беларуска-польскай мяжы - UDF) не перамяшчалася. А калі перамяшчаліся, толькі для таго, каб перадаць баявы досвед брыгадам, якія сканцэнтраваныя ў Берасці і Гародні”, - адзначыў Лукашэнка.

І дадаў:

“Знаходзячыся пад Асіповічамі, у цэнтры Беларусі, гэтыя хлопцы нікуды не імкнуцца. Яны звыклі выконваць загад”.

Аб поўным кантролі над ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі

Год таму з'явіліся паведамленні, што Расея размесціць тактычную ядзерную зброю ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка паспяшаўся запэўніць, што ў такім выпадку кантраляваць яе будуць беларускія ўлады.

“Усё будзе паводле закону і паводле правіл. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут”, - сказаў Лукашэнка, намякаючы такім чынам, што суседнім краінам трэба яго баяцца.

Спачатку гэтую заяву зняпраўдзілі ў Крамлі, а праз некалькі месяцаў і сам Лукашэнка, які расказаў, што яму ўсё ж трэба будзе ўзгадніць дзеянні з Пуціным.

“Вось часта чую: “А, вось гэтую расейскую зброю без Расеі ён не выкарыстае”. Слухайце, калі пачнецца вайна, я што, буду глядзець па баках?! Ды не. Зняў слухаўку - дзе б ён ні быў, ён патэлефанаваў - я зняў слухаўку, у кожны момант. Нават вось проста цяпер. Таму, ну ў чым праблема ўзгаднення нейкага тамака ўдару? Гэта не пытанне!”, - сказаў Лукашэнка.

Адзначым, што нягледзячы на ўсе заявы кіраўнікоў Беларусі і РФ довадаў размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў нашай краіне дагэтуль няма. Не выключана, што гэта "інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя".

А нават калі ТЯЗ у Беларусі размясцілі, цяжка ўявіць, што расейцы дазволяць Лукашэнку яе кантраляваць.

Пра правакацыю падчас саміту NАТО ў Вільні

Лукашэнка ўвесь час малюе з NАТО падступнага ворага, які даслоўна марыць падпарадкаваць сабе Беларусь і з якім трэба быць гатовым на самыя рашучыя дзеянні.

Але напярэдадні саміту NАТО ў Вільні Лукашэнка паспяшаўся памыць рукі, адзначыўшы, што ні беларускія сілавікі, ні вагнераўцы ніякіх правакацый не плануюць.

“Не, мы не збіраемся ні да якіх правакацый. Але калі б нам патрэбна была правакацыя, дык у мяне на заходнім кірунку тысячы вайскоўцаў. Толькі каманду дай - яны ўсялякую правакацыю арганізуюць. Але нам гэта не патрэбна. Навошта нам гэтая правакацыя? Што яна дасць? Ну, спужаем мы іх у Вільні, і што? У адказ атрымаем. Таму няма ніякай неабходнасці”, - супакоіў суседзяў Лукашэнку.

Пра магчымую вайсковую агрэсію супраць краін NАТО

Пра выказванне наконт магчымай экскурсіі вагнераўцаў у Польшчу ўжо згадвалася. Была і іншая гучная заява. Увосень мінулага года ў газеце "Вечерний Минск" быў апублікаваны артыкул са словамі першага намесніка сакратара Савета бяспекі Паўла Муравейкі аб тым, што Менск "мае ўсе падставы" для агрэсіі супраць Літвы, каб забяспечыць транзіт беларускіх тавараў.

Магчыма, меўся на ўвазе захоп так званага Сувалцкага калідора, які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці РФ.

Пасля з'яўлення на гэтым тыдні чутак аб магчымым нападзе на Вільню, Лукашэнка ўважаў за патрэбнае выступіць 26 сакавіка са зняпраўджваннем.

“Дурасць абсалютная. Мы не збіраемся на іх нападаць. Мы ствараем тут сістэму абароны. Яны чакаюць гэтага. Яны правакуюць нас, каб мы хоць неяк ім адказалі…

Нам чужога не трэба, але сваё не аддамо. Вось наша логіка. Нам не трэба гэтая вайна”, - адзначыў Лукашэнка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках