У парламенце Грузіі адбылася бойка праз закон аб «іншаземных агентах»
10- 29.04.2024, 21:11
- 10,008
Дэпутатка ўдарыла калегу бутэлькай.
Дэпутатка грузінскага парламента Хатыя Дэканаідзэ ўдарыла пластыкавай бутэлькай з-пад вады праўладнага дэпутата Гурама Мачарашвілі падчас абмеркавання законапраекта аб іншаземных агентах на пасяджэнні юрыдычнага камітэта, паведамляе грузінскі «Першы канал».
Як адзначае канал, паміж Дэканаідзэ і чальцом парламенцкай большасці Гурамам Мачарашвілі адбылася слоўная сварка. Старшыня камітэта Анры Аханашвілі выдаліў Дэканаідзэ з залы праз парушэнне рэгламенту, бо яна прадоўжыла гаварыць пасля выключэння мікрафона.
Дэканаідзэ назвала сяброў парламенцкай большасці «расейцамі». Мачарашвілі ў адказ заявіў, што тая прамяняла грузінскае грамадзянства на пасаду ва Украіне. Дэканаідзэ ў 2015–2016 гадах узначальвала Нацыянальную паліцыю гэтай краіны.
Падчас слоўнай сваркі Дэканаідзэ ўдарыла Мачарашвілі бутэлькай, а потым кінула яе ў калегу.
Дэканаідзэ – прадстаўнік блоку «Еўрааптымісты», куды, паводле звестак з сайта парламента, акрамя яе ўваходзіць адзін чалавек – Раман Гацырыдзэ. Усяго ў грузінскім парламенце 139 дэпутатаў.
Законапраект аб іншаземных агентах разглядаецца ў Грузіі не першы месяц, летась яго ўжо здымалі з разгляду на фоне масавых пратэстаў.