20 траўня 2024, панядзелак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сахара выглядала інакш: Навукоўцы знайшлі наскальныя малюнкі ўзростам 4000 гадоў

6
Сахара выглядала інакш: Навукоўцы знайшлі наскальныя малюнкі ўзростам 4000 гадоў

Гэта была пакрытая травой зямля з шырокімі пашамі.

Навукоўцы выявілі ў пустыні Атбай ва Усходнім Судане наскальныя малюнкі, якія расказваюць гісторыю далёкага мінулага. Хоць цяпер гэты рэгіён даволі засушлівы, малюнкі паказваюць на тое, што калісьці гэта была пакрытая травой зямля з шырокімі пашамі і багатым жывёльным светам, паведамляе IFLScience.

Што цікава, малюнкі былі створаныя ўсяго 4000 гадоў таму. Гэта сведчыць, што пустыня Сахара кардынальна змянілася цягам апошніх тысячагоддзяў.

Навукоўцы з Універсітэта Макуоры апісалі адкрыццё 16 помнікаў старажытнага наскальнага мастацтва, якія былі выяўленыя ў пустынях вакол Вадзі-Хальфа, горада на поўначы Судана недалёка ад мяжы з Егіптам.

На іх былі знойдзеныя выявы мноства фігураў, сярод якіх людзі, антылопы, сланы і жырафы. Акрамя таго, перыядычна сустракаліся выявы буйной рагатай жывёлы. І гэта было даволі дзіўным, беручы да ўвагі цяперашні засушлівы клімат пустыні Атбай.

Сёння ў гэтым рэгіёне практычна не выпадаюць ападкі, што робіць выпас жывёлы немагчымым. Але наскальныя малюнкі паказваюць, што жывёлагадоўля была распаўсюджаная тут яшчэ ў 3000 годзе да нашай эры.

«Было дзіўна выявіць буйную рагатую жывёлу, высечаную на каменных сценах пустыні, паколькі ёй патрабуецца шмат вады і пашы і яна не выжыве ў сённяшнім сухім і засушлівым асяроддзі Сахары. Прысутнасць буйной рагатай жывёлы ў старажытных наскальных малюнках з'яўляецца адным з найбольш важных сведчанняў існавання калісьці зялёнай Сахары», – доктар Жульен Купер, даследнік, які ўзначальваў групу археолагаў у 2018 і 2019 гадах.

Паміж 15 тысячамі і 5 тысячамі гадоў таму Афрыку залівала вялікая колькасць мусонных ападкаў. Яны былі звязаныя са зменай арбіты Зямлі вакол Сонцы. Дзякуючы выпадзенню ліўняў, кантынент ператварыўся ў край расквітнелых пашаў, пакрытых прэснаводнымі азёрамі.

Але калі вільготны перыяд скончыўся, мясцовы ландшафт змяніўся, а з ім – і жыццё людзей і жывёлаў.

«Пустыня Атбай вакол Вадзі-Хальфа, дзе былі выяўленыя новыя наскальныя малюнкі, практычна цалкам абязлюдзела. У тых, хто застаўся, буйную рагатую жывёлу замянілі авечкі і козы. Гэта мела сур'ёзныя наступствы для ўсіх аспектаў чалавечага жыцця – ад дыеты і абмежаваных запасаў малака, міграцыйных мадэляў сем'яў пастухоў да асобы і сродкаў да існавання тых, хто залежаў ад сваёй жывёлы», – заявіў Купер.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках