28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пажылы пацыент у ЗША вылечыўся ад ВІЧ і раку крыві

7
Пажылы пацыент у ЗША вылечыўся ад ВІЧ і раку крыві
ФОТА: CITY OF HOPE

Дапамог новы метад тэрапіі.

Жыхар амерыканскага штата Каліфорнія Пол Эдманд, які пакутаваў адначасова на ВІЧ і рак, вылечыўся ад абодвух. Выпадак лячэння ад дзвюх смяротных хваробаў апісаны ў New England Journal of Medicine.

Эдманд стаў пятым у гісторыі пацыентам з такімі дыягназамі, хто змог акрыяць пасля новага метаду лячэння.

Дыягназ ВІЧ яму паставілі ў 1988 годзе, а нядаўна ў яго выявілі яшчэ і лейкоз (рак крыві).

Ён прайшоў курс лячэння, падчас якога мужчыну ўвялі ствалавыя клеткі з рэдкай генетычнай мутацыяй, якая робіць людзей, у якіх яна ёсць, устойлівымі да ВІЧ.

У выніку ў свае 68 гадоў Эдманд стаў найстарэйшым чалавекам на планеце, які перамог рак крыві, а потым дасягнуў рэмісіі ВІЧ.

Медыкі адзначылі, што ягоны выпадак паказвае, што пажылыя людзі з ракам крыві, якім праводзяць хіміятэрапію паніжанай інтэнсіўнасці, а потым – трансплантацыю ствалавых клетак з ВІЧ-рэзістэнтнымі донарскімі клеткамі, могуць заадно пазбавіцца ад ВІЧ.

Паводле звестак ScienceAlert, мутацыя, пра якую ідзе гаворка, сустракаецца не больш чым у 2% людзей у свеце, а новы метад лячэння выкарыстоўваюць як фінальны пры тэрапіі раку крыві.

Лекары растлумачылі, што ў выпадку з Эдмандам, ствалавыя клеткі донара мелі дадатковую перавагу – генетычную мутацыю, звязаную з устойлівасцю да ВІЧ, таму ў яго арганізме з'явіліся новыя ДНК, што і дапамагло яму.

Адзначаецца, што Эдманд атрымаў касцявы мозг і ствалавыя клеткі крыві ад донара ў 2019 годзе. У выніку ягоны касцяны мозг і ствалавыя клеткі крыві былі цалкам замененыя клеткамі донара. З таго часу ў яго не было ніякіх прыкметаў лейкаміі ці ВІЧ. Медыкі мяркуюць, што ён вылечыўся ад раку крыві, таму што ягонае апошняе лячэнне ад гэтай хваробы – гэта якраз тая самая трансплантацыя, праведзеная больш за пяць гадоў таму. Пры гэтым ён не праходзіў антырэтравірусную тэрапію ад ВІЧ ужо амаль тры гады, і засталося яшчэ два гады, перш чым лекары палічаць яго цалкам вылечаным ад ВІЧ.

Праўда, такі метад лячэння ВІЧ падыходзіць не ўсім. Трансплантацыю ствалавых клетак прызначаюць хворым з небяспечным для жыцця відам раку, а магчымае выздараўленне ад ВІЧ – гэта толькі бонус у такой сітуацыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках